Васіль Быкаў (Васіль Быкаў)1924 - 2003Беларускі празаік. Нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 у в. Бычкі на Ушаччыне (Віцебская вобласць). З дзяцінства захапляўся маляваннем. У 1939 скончыў 8 класаў Кубліцкай СШ, паступіў на скульптурнае аддзяленне Віцебскай мастацкай вучэльні. Аднак восенню 1940 у сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча сям'і і адменай дзяржаўных стыпендый вымушаны быў пакінуць навучанне. Паступіў у Віцебскую школу ФЗН №5, дзе вучыўся да траўня 1941. У чэрвені 1941 экстэрнам здаў экзамены за дзясяты клас.
У самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў мабілізаваны на абарончыя работы. У якасці байца інжынернага батальёна будаваў ваенныя аб'екты ад Гомеля да Варонежа. У зіму 1941—1942 жыў на ст. Салтыкоўка і ў Аткарску Саратаўскай вобласці, дзе вучыўся ў чыгуначнай школе. Улетку 1942 быў прызваны ў Чырвоную Армію, скончыў Саратаўскае пяхотнае вучылішча (з 80 выпускнікоў у вайну ацалела толькі чацвёра). З 1943 ваяваў на 2-м і 3-м Украінскіх франтах. Быў двойчы паранены, ляжаў у шпіталях. У 1944 бацькі В. Быкава атрымалі памылковае паведамленне, што іх сын мужна загінуў у баях каля Кіраваграда (гэта было засведчана на абеліску). З дзейнай арміяй прайшоў Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю — старшым лейтэнантам, камандзірам узвода палкавой, потым армейскай артылерыі. Служыў на Украіне, у Беларусі, на Далёкім Усходзе.