Жыта, сосны і валуны
Дрэнна
Нармальна
Добра
Выдатна
Вельмі выдатна
Сярэдняя: 4.4 (183 галасоў)
Дзе па роднай зямлі ні крочыў –
Скрозь – ад Прыпяці да Дзьвіны –
Перш за ўсё мне ласкалі вочы
Жыта, сосны і валуны.
Дзе ў далёкіх маіх вандроўках
Я ні сьніў аб Радзіме сны –
Паўставалі ў іх зноў і зноўку:
Жыта, сосны і валуны.
I па самай высокай мерцы
Мне ўжо ясна, што да труны
Данясу я не шмат у сэрцы:
Жыта, сосны і валуны.
О, сябры! Калі нешта значыць
Мой усім вам паклон зямны –
Хай і цень мой з пагорка бачыць
Жыта, сосны і валуны.