Звесткі пра жыццё і дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]
Звестак пра яго жыццё няшмат. Падрабязнасці жыцця, такія, як дакладныя даты нараджэння і смерці, свецкае імя і г.д., невядомыя; непасрэдныя дакументальныя звесткі абмяжоўваюцца «Жыціем» і адзінай летапіснай згадкай (Іпацьеўскі летапіс, 1169). Магчыма, паходзіў з арыстакратычнай сям'і, а яго бацька служыў Святаполку II. У рукапісных пралогах захавалася яго «Жыціе». У ёй гаворыцца: «Гэты шчасны Кірыла нарадзіўся ў горадзе Тураве. Сын заможных бацькоў ён не любіў багацця і тленнай славы гэтага свету, але добра напрактыкаваўся ў Святых Пісаннях». Атрымаў добрае хатняе выхаванне, пазней спасціг вышэйшыя навукі і мастацтвы ад грэчаскіх настаўнікаў. Па-майстэрску валодаў народнай вобразнай і стараславянскай мовамі, глыбока ведаў візантыйскую культуру, асабліва паэзію і красамоўства. Рана стаў паслушнікам аднаго з манастыроў. Кірыла Тураўскі быў першым на Русі «стоўпнікам».
Адзначаецца добрая адукаванасць Кірыла, асабліва ў багаслоўі; ведаў мовы, у т.л. грэчаскую. Быў пастрыжаны ў манахі, магчыма, Нікольскага манастыра Турава (магчыма, у канцы 1120-х—пач. 1130-х гг.). Відаць, быў узведзены ў ігуменскі сан тамсама (не раней за 1140—1143), быў ігуменам да ~1148. Пасля пастаўлення на Рускую мітраполію Клімента Смаляціча (1147) і пачатку ўціску з боку «самастойнікаў» у бок «грэкафілаў», Кірыл, як прыхільнік апошніх, з канца 1147 — пач. 1148 або быў зняволены ў манастыры, або прыняў подзвіг стоўпніцтва, якое, аднак, мела, відаць, выгляд самазачынення ў келлі (т.ч., у «стаўпе» (або вежы), а не на «стаўпе»). У гэты час займаўся каментаваннем Святога Пісання, і, відаць, паводле Антыяхійскай школы экзегетыкі (праца не захавалася). Пасля змянення палітычнай сітуацыі на карысць «візантыністаў» Кірыла быў пастаўлены на Тураўскае епіскапства тураўскім князем Юр'ем (відаць, каля 1159—1161, у час небыцця мітрапаліта на Русі, што, аднак, было пэўным парушэннем кананічнасці). Актыўна ўдзельнічаў у палеміцы 2-й пал. 12 ст. вакол царкоўнага ўладкавання на землях Русі. Магчыма, што каля 1177быў пазбаўлены пасады епіскапа, і, відаць, прымусова.
Каля 1169 г. князь Юрый Яраслававіч з тураўскімі старэйшынамі ўпрасілі Кірылу прыняць епіскапства. У гэты час Фёдар з Уладзіміра-Суздальскага княства, пры дапамозе князя Андрэя Багалюбскага, пачаў раскол праваслаўнай царквы на Русі. На гэта Кірыла пракляў яго, а да князя Андрэя напісаў шмат пасланняў па гэтай справе, якія не захаваліся.