Салігорск - горад у Мінскай вобласці Беларусі, вядомы тым, што непадалёку ад яго размешчаны найбуйнейшыя ў Еўропе і адны з найбуйнейшых у свеце месцы здабычы калійнай солі.
Горад мае невялікую плошчу - усяго пятнаццаць квадратных кіламетраў. Аднак, па даных 2016 года, тут пражывае больш за сто пяць тысяч чалавек. Такім чынам, Салігорск - гэта горад з самай вялікай шчыльнасцю насельніцтва ў Беларусі. Па гэтым паказчыку ён пераўзыходзіць нават сталіцу нашай радзімы - горад Мінск.
Салігорск - малады горад. Ён быў заснаваны толькі ў 1958 годзе. У наступным годзе яму споўніцца ўсяго шэсцьдзесят гадоў. Па чалавечых мерках - нямала, але для горада - драбяза.
Салігорск - вельмі прыгожы зялёны горад. Ён размясціўся на берагах ракі Случ і Салігорскага вадасховішча. Побач з ім - шырокая леса-паркавая зона, дзе растуць грыбы і ягады. У горадзе шмат дрэў і кветнікаў.
Сярод славутасцяў горада можна назваць сабор Раства Хрыстова, Рымска-каталіцкі касцёл святога Францыска, помнік Леніну, помнік у гонар шахцёраў-першапраходцаў.
Горад спадабаецца аматарам спорту, таму што развіццю спорту тут надаецца вялікая ўвага. У Салігорску ёсць два стадыёны, лядовы палац, чатыры басейны і мноства спартыўных залаў. Салігорская футбольная каманда "Шахцёр" ужо шмат гадоў паспяхова выступае на чэмпіянатах і кубках Беларусі па футболе. З нядаўніх часоў у чэмпіянатах Беларусі па хакеі ўдзельнічае салігорскі хакейны клуб "Шахцёр". Хлопцы пакуль не займалі прызавых месцаў, але мы верым, што ў іх усё яшчэ наперадзе.
Для тых, хто аддае перавагу культуры, у горадзе ёсць гарадскі палац культуры, Цэнтр культуры і вольнага часу, сетка бібліятэк, кінатэатр "Зорка Венера". Ёсць у Салігорску і клубы, кафэ, рэстараны. З нядаўніх часоў у горадзе пачалі адкрывацца гіпермаркеты.
Увогуле, жыццё ў цяперашнім Салігорску нічым не адрозніваецца ад жыцця ў буйных гарадах краіны. Я люблю свой горад і не прамяняю яго ні на які іншы.