Беларуская літаратура багата на таленавітыя творчыя асобы, але нават і сярод іх індывідуальнасць Кандрата Крапівы вылучаецца велічна, непаўторна, ярка. Талент сатырыка асабліва праявіўся ў жанры байкі. Байкі К. Крапівы — самабытная з'ява ў беларускай літаратуры. Многія з іх выраслі з народных прыказак і прымавак, на прыкладзе якіх аўтар вучыўся выказваць свае думкі вобразна, сцісла, запамінальна: У чужое проса не сунь носа ("Сука ў збане"), Баба з калёс — каню лягчэй ("Дзед і Баба"), Кожны цыган сваю кабылу хваліць ("Пра Цыгана і кабылу"), Вялікаму каню — вялікі хамут ("Саманадзейны Конь"). Нямала ўласных афарызмаў пісьменніка ператварыліся ў прыказкі, прымаўкі, атрымалі агульнанародную вядомасць: Другі баран — ні "бэ", ні "мя", а любіць гучнае імя ("Дыпламаваны Баран"), Каб сонца засланіць — вушэй асліных мала ("Сава, Асёл ды Сонца"), Як свінню ні кліч, яе заўсёды выдасць лыч ("Заява"), Бывае іншы раз і з нашым братам, што галаву заменьваюць мандатам ("Мандат"). Байкі К. Крапівы, "населеныя" мясцовымі жывёламі і птушкамі (свіннямі, парсюкамі, валамі, цялятамі, сабакамі, варонамі, совамі, зайцамі), бічуюць адсталыя людскія звычаі, п'янства, забабоны, пляткарства, асуджаюць бюракратаў, раскрадальнікаў народных здабыткаў, падхалімаў. Падзеі ў байках не алегарычныя, а канкрэтныя. Яны — з сялянскага жыцця, з вясковага побыту. У байцы "Дыпламаваны Баран" сатырык расказвае пра Барана, які быў настолькі дурным, што нават не пазнаваў сваіх варот. Ганарыўся ж Баран сваім трывалым лбом:
Такога не страчаў ніколі лба я:
Калі няма разумніка другога,
Пабіцца каб удвух,
Дык ён разгоніцца ды ў сцену — бух!
У іншага дык выскачыў бы й дух,
А ён — нічога.
Каб лягчэй было ўбачыць Барана і вылучыць з гурту, на шыю яму прывязалі мету, жартам назваўшы яе "дыпломам". Баран настолькі заганарыўся гэтым "дыпломам", што вырашыў паказаць сваю вучонасць перад Кошкай. Добра ведаючы абмежаванасць і тупасць Барана, Кошка растлумачыла, што свой "дыплом" ён заслужыў "не галавой, а лбом". Крыкуноў, саманадзейных людзей, прагных да славы, ды "вузкіх у плячах", высмейвае К. Крапіва ў байцы "Саманадзейны Конь". У якасці эпіграфа да байкі сатырык выкарыстаў народную прыказку "Вялікаму каню — вялікі хамут". Конь, які быў "з сабаку, можа, так, мо з добрае шчаня", скардзіцца на ўсё сяло, што хамут "нібы не да яго", патрабуе ад Гаспадара вялікага хамута. І вось мізэрны Конь упрогся ў воз, які цягнуў ламавік. Воз жа не скрануўся з месца, а "пралезлі праз хамут канёвы персі й ногі, і затрымаўся ён аж ледзь на жываце". У вобразе Каня ўвасоблены рысы крыкуноў, людзей з прэтэнзіямі, якім не па заслугах "веліччу быць хочацца заўсёды". Маральна-бытавыя праблемы асвятляе К. Крапіва ў байцы "Махальнік Іваноў". Яна гнеўна выкрывае падхалімаў і падхалімства. Сюжэт байкі даволі просты: ваенком, задаволены вынікамі стральбы сваіх падначаленых, вырашыў успомніць сваю маладосць і пастраляць. Стрэліў пяць разоў — і ні адна куля не закранула мішэні. Салдаты ж, якія сачылі за стральбой, далажылі (прамахалі), што ўсе кулі трапілі ў цэль. Западозрыўшы падман, ваенком пайшоў на хітрасць: пачаў страляць халастымі патронамі. Але і пасля гэтага махальнік Іваноў далажыў, што "ў цэнтру самую ўсе пяць загналі зноў". Шэф "пахваліў" Іванова, назваўшы яго сапраўдным падхалімам. Высмеяўшы аднаго падхаліма, К. Крапіва паказвае, што ў падхалімстве вінаваты не толькі асобныя людзі, але і грамадства ў цэлым. Падзеям міжнароднага палітычнага жыцця прысвечана байка "Жаба ў каляіне". Яна пачынаецца лірычнай замалёўкай летняй працы на сенакосе.