У апавяданні В. Карамазава «Дзяльба кабанчыка» расказваецца пра звычайны
для вясковага жыцця эпізод — дзеці прыехалі ў вёску да маці «на
свежыну» . Але пісьменнік звяртае нашу ўвагу на паводзіны дзяцей, іх
адносіны да маці.
Маці вырасціла, выпеставала трох дзяцей: Веру,
Ніну і Сцяпана. Мы даведаліся, што ўсе яны добра ўладкаваліся, жывуць у
горадзе, не адчуваюць сябе беднымі, а дапамагае маці толькі адзін
Сцяпан. Вера і Ніна нават не адчуваюць сваёй віны за тое, што даўно не
былі на магіле бацькі, забыліся туды дарогу. Не заўважаюць, што іх маці
стала зусім старэнькай, а даглядае такую вялікую гаспадарку. I даглядае
не для сябе, а для таго, каб дзеці, прыехаўшы, маглі чаго ўзяць.
Пісьменнік не апісвае знешнасці сясцёр, а ўсю ўвагу надае адзенню
малодшай сястры Ніны — белы плашчык, чырвоны берэцік, лакавыя чаравічкі.
Яна прыехала не дамоў, а ў госці. Ці можна ў белым плашчыку і лакавых
чаравічках дапамагчы маці па гаспадарцы? Канешне, не. Ды яна і не
збіралася дапамагаць. Яе не ўразілі словы маці аб тым, што цяжка стала
«цягнуць» гаспадарку — рукі ломіць і не хапае сіл. Але найбольш яскравы
эпізод, які характарызуе ўсіх дзяцей — сцэна дзяльбы кабанчыка. «Смешна
было глядзець, як маці бярэ з агульнай кучы кавалак, варочае яго з боку
на бок, перакладае з рукі ў руку, гадаючы, каму пакласці, а сёстры і
Коля ўважліва сочаць за матчынымі рукамі, маўчаць, ані слова — не да
размоў...» Сясцёр і зяця турбуе толькі адно, каб толькі іх не абдзялілі.
Адзін толькі Сцяпан заўважае, што маці недзе парэзала палец і ён,
заматаны ў белую анучку, «падобны на белую каціную лапку» . Аднаму
Сцяпану няёмка, што маці ўсё мяса аддае ім, а сабе нічога не пакінула.
Менш за ўсё маці думае пра сябе, а дарослыя дзеці нават не заўважаюць
гэтага ў прагным жаданні атрымаць найлепшы кавалак.