Сустракаючыся з Уладзімірам Мікалаевічам Дубоўкам, я заўсёды
дзівіўся: які прыгожы чалавек! Якія ясныя, разумныя і шчырыя вочы ў гэтага барадатага казачніка! Яны, здаецца, бачаць усё навылёт і праменяцца святлом шчодрай душы.
Дубоўка быў цудоўным чалавекам, нястомным працаўніком, выдатным
паэтам, перакладчыкам, казачнікам, знаўцам фальклору і сусветнай
літаратуры, батанікі і пчалярства, чалавечых характараў і сакрэтаў
будаўніцтва. Ён дасканала ведаў Беларусь і Закаўказзе, Сібір і Крым, Поўнач і Далёкі Усход. Слухаць яго можна было гадзінамі і бясконца чэрпаць новае і невядомае з гэтай жывой і шчодрай энцыклапедыі. Такі ён быў у жыцці, такі і ў творчасці. Стрыманасць, мудрасць, шчырасць і мяккасць - адзнакі яго паэтычнага і чалавечага таленту.