Кірыла Тураўскі займае выключнае месца ў беларускай гісторыі. Манах-аскет, ахвярны пастыр, таленавіты пісменнік і прапаведнік, “другі Залатавусны”, як называлі Кірылу за красамоўства, стаўся адным з найбольш вядомых усходне-славянскіх духоўных дзеячаў ХІІ стагоддзя.
Жыццёвы шлях Кірылы Тураўскага, гэтага выдатнага сына нашай зямлі пачаўся ў старажытным Тураве. Родны горад Кірылы быў сталіцай моцнага княства і адным з галоўных агменяў усходне-славянскай асветы. У багатых тамтэйшых кнігазборах захоўвалася рукапіснае Тураўскае Евангелле XI ст., самая старажытная з вядомых вучоным кніг, створаных у Беларусі.
"Жыццяпіс" Кірылы Тураўскага не паведамляе дакладных датаў пачатку і канца яго зямной дарогі. Вядома, што ён быў сынам багатых бацькоў, але "богатества" і "славы тленныя мира сего" яго не вабілі. Спачатку ў бацькоўскім доме, а потым у мясцовым епіскапскім манастыры будучы пісьменнік атрымаў высокую адукацыю, засвоіўшы веды і ідэі і візантыйскага, і рымскага свету.
Зачыніўшыся ў высокай драўлянай вежы, што стаяла на прыпяцкім беразе, малады манах маліўся і тварыў. З-пад ягонага пяра выходзілі натхненныя аповесці, "словы", прыпавесці (прытчы), пасланні і павучанні. Ужо ў гэтым часе да Кірылы прыйшла літаратурная слава. Яго творы перапісвалі, чыталі і вучылі на памяць ва ўсіх усходне-славянскіх княствах.