Жаба і Салавей.
На ўскрайку лесу
жыў галасісты Салавей. З вечара і да позняй ночы зачароўваў ён лясных жыхароў сваім
салаўіным спевам.
Непадалёку ад лесу працякала невялікая рачушка, дзе жыла
балотная Жаба. З задавальненнем слухала
яна залівісты спеў Салаўя і кожны раз марыла аб знаёмстве з гэтым лясным
спеваком.
І вось аднойчы адбылася гэта жаданая сустрэча. Жаба
папрасіла Салаўя праспяваць для яе. Па ўсім лесе гучна разнесліся звонкія,
пералівістыя гукі салаўінай песні. Жаба з задавальненнем слухала гэту чароўную
мелодыю. А потым прапанавала сваю песню.
Салавей падрыхтаваўся ўважліва слухаць. Жаба пачала
квакаць усё грамчэй і грамчэй. Салавей
спачатку разгубіўся, але Жаба “спявала” з такім натхненнем, што ён не змог яе
спыніць. Прысеўшы на галінку, Салавей з павагай даслухаў жабчыну песню да
самага канца.
І з таго часу, кожным летнім вечарам, Салавей і Жаба наладжваюць свой сумесны канцэрт
для ўсіх лясных жыхароў.