Мінулае вучыць нас, як жыць сёння" - Ян Баршчэўскі (cачыненне)
Літаратурную дзейнасць Ян Баршчэўскі пачаў у Полацкай калегіі паэмамі "Пояс Венеры" і "Псіхея", вытрыманымі ў стылі польскага класіцызму. Твораў, напісаных на беларускай мове, захавалася мала. Гэта дыдактычныя вершы "Дзеванька" і "Тарэліца", а таксама паэма "Рабункі мужыкоў" ("Размова хлопаў"), прысвечаная падзеям 1812 г. Гэтыя творы прадуманы з боку кампазіцыі, ім не адмовіш у лірызме і пэўнай сатырычнай скіраванасці. Так, у вершы "Дзеванька" аўтар папракае маладую асобу за беспадстаўныя прэтэнзіі на панскасць, а ў вершы "Гарэліца" - п'яніцу за празмерную прыхільнасць да "зялёнага змія". Пад уплывам пісьменнікаў-рамантыкаў Я. Баршчэўскі пачаў апрацоўваць беларускія паданні, легенды, казкі, песні, прыказкі і прымаўкі, у выніку чаго была напісана "кніга сэрцаў і характараў людскіх" "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях". У гэтым чатырохтомным зборы апавяданняў, які параўноўваюць з цыклам "Тысяча і адна ноч", пісьменнік абгрунтаваў думку пра самабытнасць, веліч і духоўнае багацце беларускага народа. Скразным вобразам, які аб'ядноўвае твор у адзінае мастацкае цэлае, з'яўляецца шляхціц Завальня. Ён гасцінна сустракае ўсіх падарожных, шчодра частуе іх, уважліва слухае жыццёвыя гісторыі і казкі, 3 такіх гісторый мы даведваемся пра багатага Карпа, рыбака Родзьку, пана Сівоху, сляпога Францішка, паляўнічага Сямёна і іншых герояў, якія аказваюцца ў самых розных і неверагодных жыццёвых сітуацыях, трапляюць пад уплыў чорных сіл, змагаюцца, перамагаюць, выратоўваюцца, гінуць.. . ("Пра чарнакніжніка і змяю, што вылупілася з яйка, знесенага пеўнем", "Карона вужа", "Зухаватыя ўчынкі", "Вогненныя духі"). Фантастычныя апавяданні Я. Баршчэўскага, адметныя і непаўторныя, звязаны з "духам і паэзіяй народа". Яны насычаны афарызмамі, трапнымі выслоўямі і параўнаннямі: "Хто вучыцца, той павінен пра ўсё ведаць"; "Помстаю не супакоіш пакуты"; "Чалавек без рэлігіі на ўсё гатовы"; "Якая карысць спрачацца з людзьмі, якія маюць абмежаваныя веды і пачуцці?"; "Перасаджваць дубы - найвялікшае няшчасце". У іх сцвярджаюцца вечныя ісціны чалавечага быцця: міласэрнасць, дабрыня, вернасць, уседаравальнасць, любоў да бліжняга і роднай зямлі. Праз сістэму выяўленчых сродкаў і на аснове багатых фальклорных матэрыялаў Я. Баршчэўскаму ўдалося стварыць сімвалічны і непаўторны вобраз Плачкі-Беларусі і яе пакутніцкага лёсу.