Мне трэба паслаць дадому святочную тэлеграму, і я іду на пошту. Іду ў чужым горадзе насустрач узбуджанаму стракатаму натоўпу, непрыкметна для сябе самога паддаючыся ўладзе неадольнага жадання: па тварах стараюся здагадацца, куды, напрыклад, спяшаецца высокі мужчына ў легкаватай для зімы сінтэтычнай куртцы, з пакункамі ў абедзвюх руках; або які клопат выправіў на гэту тлумную вуліцу вашчаную бабульку ў дапатопным капялюшыку, з паточанай моллю муфтачкай, з тварам, на якім даўно ўжо адмерлі ўсе жывыя страсці; або вось гэтыя двое, што, здаецца, нават фізічна праменяць вакол сябе токі шчасця. Яна — само мімалётнае ззянне, зіхаценне і завідны бляск маладых вачэй, валасоў, зубоў і нават нейкага нязвычна светлага пушыстага футра. I ён — над усім натоўпам — гэтакі ж дасканалы, спартыўны, непераможны. Як сам малады бог.
…Цёмнае бяззорнае неба, не спяшаючыся, вытрасае апошні рукаў старога года і бясконца цярушыць і цярушыць, пасыпае зямлю белай крупчаткай. Паветра пахне лесам, смалой, нядаўна ссечаным ельнікам, і ў гэтай свежасці, напоенай лясным здароўем, здаецца, лунае абяцанне нейкіх бясконца светлых і маладых спадзяванняў і надзей. Непрыкметна для сябе самога я збочваю на гукі музыкі ў Гарадскім садзе, дзе цяпер заліты каток. Каток амаль бязлюдны і ахутаны паўзмрокам. Выкрасаюць толькі іскры з-пад канькоў трое ці чацвёра хлапчукоў, ды вучыць трымацца на «снягурках» сваю дачушку маладая маці.
I больш на катку — ні душы.
Я доўга стаю, не кратаючыся з месца, і гляджу, гляджу, як у чароўным танцы кружацца і мякка сцелюцца долу сняжынкі, гляджу на хлапчукоў і ўспамінаю свайго сына (чым ён заняты ў гэты час дома?), чамусьці з міжвольным сумам думаю пра маладую жанчыну з дачушкай: чаму яны, у гэту пару, не радуюцца святочнай ялінцы, а тут — і толькі ўдзвюх…
Я гляджу на аранжавыя электрычныя ліхтарыкі на слупах вакол катка, і мне раптам прыходзіць на думку, што гэтыя ліхтарыкі падобны на даўнія-даўнія сцюдзёныя мандарыны, якія некалі елі мы з Лідачкаю. Таксама на катку.
Бог ты мой, колькі гадоў прайшло, колькі вады сплыло з часоў таго катка!
* * *
Мы жылі тады на Камсамольскім бульвары. Бульвар быў абсаджаны магутнымі каштанамі і абнесены нізкай чыгуннай загароджай старадаўняга ліцця. Па вёснах, калі каштаны зацвіталі, у іх далікатных фарфоравых кандэлябрах успыхвала безліч свечак. I тады над Камсамольскім бульварам стаялі белыя ночы. Нас, падлеткаў, у тыя ночы нельга было даклікацца дадому.
Я мог бы нават і цяпер прысягнуць: другога такога бульвара і такіх каштанаў не меў ніводзін горад у свеце. Нават Кіеў. Нават Парыж…
На Камсамольскім бульвары ўзвышаўся помнік чатырнаццаці партызанам, закатаваным у дваццатым годзе белапалякамі. I я сам, і кожны з маіх сяброў-аднагодкаў ведалі іх паіменна, як ведалі адзін аднаго. У нашым горадзе не было больш ніякіх помнікаў. Гэты быў адзіны. I мы шанавалі яго і ганарыліся славай і мужнасцю тых, што ляжалі тут, пад сціплай цэментавай пірамідкай. Зверху пірамідкі іскрылася чырвоная пяцікутная зорка з бляхі.
Даглядаць помнік — фарбаваць зорку, каб не патухала, і несамавітую драўляную агароджу, каб трывала пад дажджамі і халепай, саджаць кветкі вясною — такі быў няпісаны закон для нас, дзяцей і падлеткаў Камсамольскага бульвара. I мы — кожны — хутчэй бы далі адсекчы сабе руку, чым парушылі гэты закон. Ён быў святы.
I школа, у якой я вучыўся, таксама знаходзілася на Камсамольскім бульвары. У тыя гады наша школа звалася Узорнай. Узорных школ у раёне было ўсяго толькі дзве. Наша была Першая Узорная. I таму нельга было прыдумаць лепшага для яе месца, чым Камсамольскі бульвар… Па суседстве з нашай школай, за драўляным плотам, цягнуўся вялізны пляц, на якім штодня гарцаваў і сек лазу эскадрон данскіх казакоў. (У нашым горадзе размяшчалася кавалерыйская часць.) Мы, хлапчукі, на пераменках не злазілі з высачэннага плота… Чырвоныя лампасы, неймаверны палёт каня, калі ён бярэ перашкоду, і, як маланка, занесеная над галавой конніка шабля!
Усе мы тады выхоўваліся на літаратурных і яшчэ жывых прыкладах герояў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны. I ўсе мы без выключэння, падлеткі, марылі быць толькі такімі ж дужымі і адважнымі, як нашы суседзі данскія казакі. Мы сваю будучыню тады ўяўлялі не інакш як вось у гэтакім толькі пераможным алюры па жыцці.
…Быў слаўны наш горад яшчэ і Летнім садам. Другім па харастве пасля Летняга саду ў Ленінградзе… Каму належала аўтарства такога непахіснага сцвярджэння, ніхто пэўна не сказаў бы. Аднак ніводзін наш гараджанін не сумняваўся: ленінградскі Летні сад на першым месцы, наш — на другім. У цэлай краіне!