Наверное ты об этом
Міхась БОЛСУН
НЕ ДАЙ САБЕ ПРАВА...
Не дай сабе права забыць той куток,
Дзе зведаў пяшчоту матулі,
Дзе першы зрабіў у жыцці сваім крок
I голас твой людзі пачулі.
Не дай сабе права забыць карані,
З якога атожылак роду
І хто бараніў нашы светлыя дні,
Любіў, нібы сонца, свабоду.
Там сёння красуюць густыя жыты,
П’яніць востры водар жывіцы
I месяц, і россыпы зор залатых
Глядзяцца ў люстэрка крыніцы.
Не дай сабе права забыць прыгажосць,
Якою Радзіма багата,
Дзе ў радасць з душою адкрытаю госць,
Дзе думкам і песням крылата.
Не дай сабе права пустэльнікам жыць,
Мазоль шанаваўся спрадвеку.
Уласную годнасць і край беражы,
Прызванне цані чалавека!