У Старца з’яўляецца нечаканы саюзнік — смешны, «вечна п’янаваты» Юсуфі, які апявае паходы Батыя і можа (на правах блазна) казаць свайму гаспадару ўсё, што думае. Менавіта ў «Лебядзіным скіце» перад намі ўпершыню прадстае ПАЭТ-ВЫРАТОЎЦА. Дзякуючы заступніцтву Юсуфі, Батый згаджаецца з умовай Старца. Як своеасаблівы анёл-ахоўнік, Юсуфі сваімі вострымі жартамі і тонка-іранічнымі показкамі бароніць ад гневу Батыя галоўнага героя. Ён адзіны сярод захопнікаў, хто шкадуе наш народ, адзіны, хто верыць у яго сілу.
Мудры Юсуфі ведае — Батый загіне, а слова, адно толькі слова, напісанае Паэтам, застанецца. Помніць жа пра грознага заваёўніка будуць толькі тады, калі пра яго напіша Паэт.
Як і Юсуфі, Караткевіч верыў у сілу слова. І меў рацыю.