Публіцыстычны стыль – спецыфічная сістэма моўных сродкаў, якая прызначана абслугоўваць шырокую сферу грамадска-палітычных зносін. Найбольш яскрава асаблівасці і адметнасці публіцыстычнага стылю адлюстраваны ў сродках масавай інфармацыі: газетах, грамадска-палітычных часопісах, у інфармацыйных выпусках радыё і тэлебачання, таму гэты стыль інакш называюць газетна-публіцыстычным.
Кожнае публіцыстычнае выданне накіравана на фармаванне светапогляду чытача. Як вядома, асноўная задача публіцыстыкі – несці інфармацыю, даводзіць да шырокіх колаў насельніцтва паведамленні пра найбольш важныя і актуальныя падзеі, з'явы і праблемы сучаснасці, уплываць на свядомасць людзей, фармаваць грамадскую думку. Спецыфічныя абставіны з'яўляюцца катэгорыяй агульнамоўнай, у публіцыстыцы яна праяўляецца найбольш выразна і ўсебакова. Разглядаемую з'яву ці падзею «высвечваюць» з розных бакоў, адсюль рэзкае размежаванне станоўчага і адмоўнага, адпаведна і дзяленне моўных сродкаў на станоўча-ацэначныя і негатыўна-ацэначныя. Уздзеянне публіцыстычнага твора накіравана на абуджэнне грамадзянскіх якасцей асобы. Відавочна, што публіцыстычнае маўленне звернута да шматлікай і разнастайнай аўдыторыі, яно павінна быць агульнапрынятым і агульназразумелым. У першую чаргу публіцыстычнае маўленне павінна адпавядаць нормам беларускай літаратурнай мовы, таму характэрныя асаблівасці яго наступныя:
- правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, чысціня і дарэчнасць маўлення;
- выкарыстанне элементаў гутарковай лексікі, шырокае ўжыванне высокіх кніжных слоў, выкарыстанне архаізмаў, спецыяльнай лексікі;
- актыўнае выкарыстанне разнастайных словаўтваральных і граматычных сродкаў з экспрэсіўна-ацэначнай афарбоўкай;
- выкарыстанне шматлікіх сінтаксічных канструкцый (рытарычны зварот, рытарычнае пытанне, антытэза, інверсія, анафара, паралелізм).
Падсумоўваючы сказанае, адзначым, што спецыфіка сістэмы моўных сродкаў публіцыстычнага стылю звязана з яго функцыянальнымі асаблівасцямі: сродкамі публіцыстычнага маўлення перадаецца актуальнасць інфармацыі і разам з тым паралельна ідзе ўздзеянне на чытача, слухача, гледача, на фармаванне яго светапогляду. Відавочна, што значная роля тут адведзена пазіцыі аўтара, яго ацэнцы, вобразным сродкам, іх умеламу і дакладнаму выкарыстанню.
Мастацкі (літаратурна-мастацкі) стыль займае асобае месца сярод іншых функцыянальных стыляў мовы. Гэта звязана з тым, што ў мастацкім творы слова выконвае дзве функцыі – камунікатыўную і эстэтычную. Менавіта з улікам дадзенай акалічнасці адна група даследчыкаў лічыць мастацкі стыль раўнапраўным у агульнай сістэме функцыянальных стыляў мовы, а некаторыя мовазнаўцы прызнаюць за стылем мастацкай літаратуры такую асаблівасць, якая не дазваляе ўключыць яго ў вышэйназваную сістэму. Праўда, прыхільнікаў першай навуковай плыні ў беларускім мовазнаўстве значна больш, таму і мы будзем разглядаць літаратурна-мастацкі стыль у агульнай сістэме функцыянальных стыляў.
У мастацкім стылі шырокае распаўсюджанне маюць сродкі іншых стыляў, таму можна сцвярджаць, што ён увабраў у сябе шматвыразную гаму розных стылёвых афарбовак.
Мова мастацкай літаратуры, як частка агульналітаратурнай мовы, даволі часта дэманструе выкарыстанне нелітаратурных лексічных элементаў. Тут могуць быць ужыты дыялектызмы, жарганізмы, прафесіяналізмы, прастамоўная лексіка. Ужыванне пералічаных лексічных сродкаў патрэбна ў мастацкім творы для моўнай характарыстыкі персанажаў, для дасягнення пэўнай экспрэсіі апавядання.
Вышэй было адзначана, што ў мастацкім стылі «ўвасобленыя» камунікатыўная і эстэтычная функцыі. Гэтая акалічнасць прадугледжвае, што мастацкі твор не проста нясе інфармацыю, але «нясе яе прыгожа» – уздзейнічае на волю, пачуцці, эстэтычныя ўяўленні чытача. Дасягаецца гэта выкарыстаннем разнастайных выяўленчых і выразных сродкаў (лексічных, марфалагічных, сінтаксічных).
Характэрныя асаблівасці мастацкага стылю, як бачым, – эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць і вобразнасць.
У залежнасці ад творчай задумы і мастацкага таленту творцы рэалізуецца ў літаратурна-мастацкім стылі багацце лексічных, марфалагічных і сінтаксічных рэсурсаў мовы.
Менавіта мастак слова, маючы на ўзбраенні шырокі арсенал моўных сродкаў, надае тэксту своеасаблівае «мастацкае гучанне