Яшчэ нядаўна за вёскай, дзе я нарадзіўся, знаходзіўся шыкоўны яблыневы сад. Гэта быў зялёны аазіс, дзе выспяваў нядрэнны ўраджай яблыкаў, вадзіліся зайцы і совы і раслі грыбы. Уся вёска хадзіла туды адпачываць. Для мяне гэта быў самы родны куток на свеце.
А затым ўлады вырашылі павялічыць колькасць ўраджаю. І замест таго, каб ўгнойваць ужо існуючыя палі, яны ўзаралі кожны кавалачак зямлі, які толькі можна знайсці. У тым ліку і наш сад. Яго высеклі, выкарчавалі, нават не прыбралі да канца. Згрузілі дрэвы велізарнаю кучаю, а месца, якое вызвалілася, засадзілі кукурузай.
Я быў там у канцы лета. Зямля не была належным чынам падрыхтаваная да пасеву, таму ўраджаю так і не дачакаліся. Парасткі кукурузы так і тырчалі, нібы толькі што вылезлі з зямлі. І ўраджай не павялічылі, і роднага кутка людзей пазбавілі.
І вось такая безгаспадарлівасць ў нашым краі ва ўсім. Не давядуць да розуму адно, пачынаюць іншае і таксама не даводзяць да канца.
Хачу пажадаць свайму роднаму краю руплівых гаспадароў, якія будуць думаць перад тым, як рабіць, і заканчваць пачатае. А пакуль жа мне балюча глядзець, у што ператвараюцца знаёмыя з дзяцінства мясціны і разумець, што я нічым не магу ім дапамагчы.
Трымайся, мой родны край, разам мы ўсё вытрымаем!