Мая сям'я любіць святы. Нашы родныя і блізкія людзі жывуць у розных гарадах і нават краінах, таму святы - гэта добрая нагода сабрацца разам, падзяліцца навінамі, уражаннямі, радасцямі і няўдачамі.
Любімае свята ў нашай сям'і - гэта Новы год. Новы год мы святкуем выключна дома. Многія любяць хадзіць у рэстараны, у клубы ці проста ў госці. Але мы лічым Новы год сямейным святам і адзначаем яго, сабраўшыся нарэшце дома ўсёй сям'ёй.
Рыхтавацца да Новага года мы пачынаем загадзя. Самы доўгі працэс - купля падарункаў. Некаторыя падарункі купляюцца яшчэ ў лістападзе. Елку мы звычайна прыбіраем дваццаць пятага снежня, на каталіцкія Каляды. Мы клапоцімся пра прыроду, таму елкі ў нас заўсёды штучныя. Хай жывыя зялёныя лясныя прыгажуні радуюць нас сваёй мілавіднасцю ў лесе.
Дваццаць дзевятага і трыццатага снежня мы прыбіраемся ў кватэры і упрыгожваем яе святочнымі гірляндамі і мішурой. Увечары трыццатага снежня мы падрыхтоўваем некаторыя прадукты, якія патрэбныя будуць заўтра падчас гатавання ежы.Трыццаць першага снежня мы на працягу першай паловы дня і часткі другой рыхтуем святочную вячэру. На нашым святочным стале заўсёды ёсць аліўе, качка з яблыкамі, адбіўныя, селядзец пад футрам, блінцы. Іншыя стравы могуць змяняцца год ад года, але яны заўсёды вельмі смачныя.
Калі з гатаваннем скончана, мы самі рыхтуемся да свята: мыемся, апранаемся ў прыгожую новую вопратку, робім прычоскі.
За святочным сталом мы збіраемся ў дзесяць трыццаць вечара. Мы вячэраем, глядзім канцэрты па тэлевізары, размаўляем. Бліжэй да паўночы слухаем віншаванне прэзідэнта. Апоўначы падрываем хлапушкі, віншуем адзін аднаго з Новым годам і працягваем святкаваць. Ўключаем музыку, танцуем, любуемся феерверкамі.
Я вельмі люблю Новы год, таму што ў гэты дзень можна не класціся спаць да самай раніцы, а таксама таму што ў гэты дзень я магу пабачыцца з роднымі людзьмі, якіх не бачыў на працягу доўгага часу.